Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор ня думаў: рубель за дваццаць сем вярстоў — варта заўсёды даць. Нічога ня кажучы, ён выняў з кішэні паралез, дастаў рубля і даў Шэю, праказаўшы:

— Дзякую, Шэя, што добра давезьлі.

— Дзякую шчыра Нязвычнаму; каб весела адпачываць.

— Дзякую! Бывайце здаровы! — схінуўся Рыгор і крануўся дваром к старэнькаму ганку.

Шэя павярнуў каня; затарахцелі драбіны. Рыгор азірнуўся, але ўгледзіў толькі пыл з-пад калёс. «Хай едзе!» сказаў ён сам сабе і ўзяўся за клямку, каб адчыніць дзьверы, але тут ён пачуў, што яны адчыняюцца самі і спыніўся.

— Рыгорка мой, сонца маё, ясачка мая! — з радаснаю горнасьцю ў голасе, трупцявым голасам загаманіла Стэпа, нарасхлест адчыніўшы дзьверы і шырока растапырыўшы рукі настрэчу сыну.

— Дзеньдобры, як маешся, старая? — тронутым голасам адказаў Рыгор; кінуўся да мацеры, абняў яе худую, крохкую постаць, схінуў голаў і прыпаў вуснамі к яе шчакам.

Сэрца выбівала радасную стрэчу… Доўгі, шчыры пацалунак засьвечваў яе.

— Сонца маё, ясачка мая! — пераказвала Стэпа; потым узяла сына за руку і, забыўшы нават зачыніць дзьверы, павяла яго ў хату.

— Вось цябе ўжо каторую пару чакаюць таварышы, — паказваючы пальцам на двух маладых хлопцаў, Сёмку і Пятруся, якія сядзелі ля стала і з шырокімі цёплымі ўсьмешкамі на маладых здаровых белых тварах упарта глядзелі на дзьверы:

— Госьцю мой даражэнькі, госьцю мой доўгачаканы! — вылівала сваё пачуцьце Стэпа.

— А, браткі мае, Сёмка, Пятрусь! — толькі пераступіў парог — голасна прывітаў Рыгор і кінуўся да стала ды павіс на шыі перш Сёмкі, потым Пятруся.

Пацалаваўся з абодвыма шчыра і зацяжна.

Рыгор нейкі час як-бы ня мог апамятавацца і маўчаў і пазіраючы то на маці, то на таварышоў, а радасная ўхмылка нібы замёрла на твары і ў гэтай сваёй замёрласьці цьвіла.

Стэпа ўзяла куфэрак і падсунула яго пад пол, некалькі разоў пераставіла, бразнула замком.

— Ах, як-жа я рад, што вы… А, як-жа жывіцё хаця, бра-