Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/455

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ня ўнімалася:

— Усё яно гэтак, Хведарка, усё яно гэтак, але Рыгорка мой прапаў. Мала што могуць зрабіць з ім? Ці-ж навіна, калі зводзяць са сьвету, у каменных мяшкох гнояць, а то і губяць жывасілам… Што мне рабіць? Я ня вытрываю, не перажыву! Парадзьце…

— Якая-ж тут рада…

— Такі-та вы мае лепшыя прыяцелі: добра — бягу да вас, дрэнна — таксама. Хто-ж мне пасобіць, калі я адна-аднэю тут… Была надзея на Рыгорку, а цяпер і тая разьляцелася дымам. Не на кім думцы спыніцца…

— Цяжка, няма чаго казаць… Але-ж, не зьвярайся…

Стэпы ня ўцешылі на гэты раз, не маглі ніяк угаварыць і пасьля; яна бегала па мястэчку, дамагалася папасьці к аптэкару і таго папрасіць, каб пасобіў ёй, абхадзіла адвакатаў, што жылі ў Сілцох і часта бралі на сябе падобныя справы. Але тое, што Рыгор у Рызе, што падрабязна яго справа невядома нікому, нават станавому, у якога даведваліся адвакаты, перашкодзіла ўсяму. Стэпе ніхто ня мог сказаць пэўнага слова. Прыяцелі Рыгора яе суцяшалі гэтак, як Загоны, а ліхамысьнікі сьмяяліся, цешыліся, пацьвільваліся. Гэта ўзмацняла Стэпін боль і мукі. Яна чула ад людзей, а колькі разоў і непасрэдна, як пацяшаліся з яе няшчасьця Берагі, Крумкі ды іншыя. У іх рукі папаў добры козыр, і гэтым козырам хваліліся яны, дзе трэба, а дзе ня трэба. У васобку, як Хлёр Бераг або Васіль, — тыя раз-по-раз дапаміналі аб гэтым Зосі, даючы ёй зразумець, што яна выратавалася праз замуж за Васіля.

Не дашоўшы ніякага скутку, хто мог-бы што зрабіць Стэпе, каб і хацеў, — яна стала адыходзіць ў самую сябе. Рыгора няма — на гэтым сыходзіліся Стэпіны думкі і ад гэтага пачыналася яе жыцьцё. Ён стаяў перад ёю неадступна ў розных выглядах, у ўсялякім стане, маўклівы, няжывы, недасяжны, аддзелены глыбокай канаваю. Як яно гэтак здарылася, чаму яно пашло гэткаю дарогаю — ня ў моцы Стэпінай было разгадаць. Глухі куток ціснуў яе з вакола, загуляў сьветагляд і аднімаў ахвоту жыць. За кароткі час яна асунулася, памізарнела, пастарэла. Кідалася кожнаму ў вочы. І больш чулыя кабеты — Лявоніха, Хведарыха, Стаўбуніха — спагадалі ёй. Выкарыстоўвалі ўсю сваю проста-