Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/453

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цікамі, гатуючы зялёную рунь. Там, дзе нядаўна жаўцела ярына ды жыта, слалася гала пожні, утаптанай гавядаю. Многія палоскі былі пазяблены, каб зямля пасьпела лепей перапрэць. З лясоў, пахмурнеўшых, а дзе пераадзетых у жоўта-чырванаватую вопратку, прыляталі кучы шпакоў, апускаліся на сьвежую ральлю і клапатліва бегалі па разорках. Неба ўжо засаб колькі дзён было ўслана гнедымі кіселістымі хмарамі, з якіх няўсьціханна сачыўся драбнюткі дожджык.

Міналася палявая работа. У сілцоўцаў паварочвалі думкі і клопаты да зімы. Дровы, кастрыка, яшчэ сёе-тое для хатняга агляду — і там малацьба. Пакуль не раскісьне зямля — кончыць работу з фурманкамі, а тады хай сабе гразь, сьнег — ня страшна.

Стэпе было крыху іначай ад другіх: восень спыняла яе заработкі. Гатаваньне к зіме — ей шмат цяжэйшае, ніж другім. Дровы прыдзецца на плячох насіць з лесу: куды-ж аддасі на іх сабраны рубель-другі. Прыгодзяцца на зіму, бо нямнога высучаш кудзеляю. Ды к гэтаму — усё роўна няма чаго рабіць. Кончыцца капаньне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць — і таквеля. Не сядзець-жа ў хаце — хопіць зімы. Пакуль ногі цягаюць, трэба рухацца хоць за чым. Тым болей, што працы яна з маленства не баялася ніякай. Не палохала яе і наступная восень, досі вядомая ёй па мінулых гадох, у многіх, падобных на гэты…

Але адно карцела Нязвычнісе — гэта Рыгор. Ад яго ўсё яшчэ ня было ніякіх вестак. Колькі ні чакала Стэпа пісьма — не магла дачакацца. Думала да ўтому, гадала, бегала пытаць рады ў Сёмкі, што ёй рабіць, як быць. Дапускала нязбыўную думку, каб паехаць самой у Рыгу і адшукаць яго, мерылася падаваць запросіны праз поліцыю. Аба ўсім паведамляла Загонаў, сына і бацьку, як-бы просячы іх згоды. Сёмка здаволен быў гэтаму, суцяшаючы Стэпу, ды абнадзейваючы яе пачакаць яшчэ дзянёк- другі. Але скора Сёмкавы ўгаворы сталі надакучаць ёй: яна пакідала верыць яму, злавалася, а пасьля стала западозрываць. «Тут нешта некае ёсьць, але Сёмка хітруе і стараецца абайсьці мяне», думала Стэпа і радзей хадзіла да Загонаў. Затое стала наведваць Крупнікаў і ў іх распытваць. Крупнікі, занятыя сваім сынам, Хаімам, мала цікавіліся яе скаргамі, клопатам ды трывогаю. Да гэтага яны самі доўгі час не дазнаваліся прычын Сёмкавага допыту.