Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/436

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IV

НАТАЛЯ НЕ АДНА ПАПАЛА ў рукі поліцыі: у той вечар па ўсім горадзе пракацілася хваля вобыскаў ды арыштаў, у рабочым раёне была зроблена сапраўдная аблава. Поліцыя, выходзячы з сябе, старалася напасьці на сьлед організацыі соцыял-дэмократаў, якая фактычна кіравала ўсімі забастоўкамі, абвяшчаючы гэта ў разьлепленых ды раскіданых у горадзе проклямацыях. Праца поліцыі цягнулася ўсю ноч, кончыўшыся перад днём. Было заарыштавана звыш сотні чалавек. Часткаю іх рассадзілі часова па вучастках, а чалавек сорак адагналі ў астрог. Наталя папала з апошнімі.

Ёсьць вядома, што гэткі лік сьвежых жыхароў астрогу ня мог арыштаванымі сустрэцца спакойна. Гэта выразна сьведчыла аб новай перамозе поліцыі і ўраду над узбуранымі рабочымі. Насельніцтва астрогу моцна занепакоілася, пашлі гутаркі, запытаньні, абгаворы таго стану, які ў скутку гэтага склаўся. Многія даводзілі аб слабасьці дысцыпліны сярод рабочых, іншыя наракалі на іх нерашучасьць. Думкі Рыгора, аб якіх ён казаў на вядомай нарадзе перад пачаткам шырокае забастоўкі, пераказваліся амаль ня ўсімі таварышамі з яго камэры. Больш другіх гукаў Ромусь, ён упікаў многіх, і асабліва Міхася Камара, за іх мяккасьць. Зломысна пераказваў раз-по-разу: «Няхай цяпер цацкаюцца са сваёю тактыкаю. Няхай глядзяць на плён свае працы».

Рыгор падказваў таварышу, задаволены яго настроем, але ў нутры адчуваў, як сэрца зьніжала размах. Як-ніяк, спадзевы меншалі, прытухалі. Каб трымацца іх, трэ’ было болей натужваць сілу волі, а яна, гэта сіла волі, пасьпела падтачыцца за часы астрожнага жыцьця. Праўда, часу пакуль мінула небагата, але натура Рыгора — каразьлівая, успрымальная натура — была не прызвычаена да астрожных абставін. Занадта раптоўна гэтыя абставіны ўрэзаліся ў яго жыцьцё, якраз тады, калі яго істота сама што гартавалася ў полымі змаганьня.

Мо’-б яшчэ ня так прыкра было, каб Наталя не напомніла аб сабе. А то гэтак сьвежа ўражаньне ад спатканьня з ёю! Толькі-толькі першыя павуцінкі забыцьця каўзанулі над памяцьцю — вера-ж ў хуткую стрэчу яшчэ гарэла. А цяпер?