Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/434

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Паганцы, крывапіўцы; заморам хочуць браць. Юдашы.

Абярнуўся з упікамі да нябогі:

— А ты яшчэ храбрышся! На вуліцу…

Мэрам-бы Наталя была вінаватаю…

— На вуліцу, — пераказала яна і хапілася за думку: тут храбрасьцю дзядзькі ня зьбіць. Факты, а што перад імі словы? «А і сапраўды, што будзе, калі раптам лёкаут?» засумнілася. І мігам прапусьціла ў галаве некалькі няпэўных, павярхоўных намераў ды плянаў, як і што яна рабіцьме, калі зачыніцца фабрыка. Тое, што ў газэце дзядзька ня вычытаў тэрміну, у які пачнецца лёкаут, не загострывала патрэбы дэтальней спыняцца на мігнуўшых перад ёю думках. Аднак намер, у выпадку чаго, паехаць з Рыгі да Рыгоравай мацеры ў Сілцы і там застацца швачкай, заінтрыгаваў Наталю. Цягнучы гутарку з дзядзькам, яна меркавала, як лепей павярнуць будзе гэту справу. Нават знашлося жаданьне асьвядоміць аб гэтым Рыгора і напісаць у лісьце да Сёмкі. Апошняе да таго зарупела, што Наталя тут-жа ўстала з-за стала, выняла з кішэні ўжо прымяты конвэрт ды намерылася яго адчыніць.

— Нойдзем выйсьце… — не дарэчы вымавіла яна.

І хацела намякнуць на адшуканы плян, як раптам пачуўся гучны званок.

Яна пісьмо апусьціла назад у кішэню.

У кватэры ўсе замоўклі.

Праз хвіліну званок паўтарыўся.

Дзядзька падышоў да дзьвярэй, хочучы запытаць, хто там; але не пасьпеў разьняць губ, як званок затарашчэў зноў і з-за дзьвярэй пачуўся патрабавальны голас:

— Адпіра-йце-э, тэлегра-ама!

Дзядзька павярнуў ключ; дзьверы з сілаю падаліся к яму, стукнуўшы па нагах, якіх ён не пасьпеў адняць. І тут-жа перад ім вырасла фігура здаравеннага мужчыны.

— Тут жыве Кузьма Чмель?

— Тут, — у поўголас адказаў Наталін дзядзька.

— Дзе ён?

— Я буду…