Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/415

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А што?

— Ого-о!

— Ня чуў нічога.

— Ня чуў? А трэба было пачуць…

Хлёр падняўся, зьлез з палка і вышаў на хату.

— Кажы.

— Ліха ведае што! Вунь усе, як у бубен б’юць: Мікалаішка-а з Нязвычным… у Лужкох пад нарадам… бачылі людзі… Падумай, што гэта робіцца!

— Няўжо? Што-о ты кажаш!

Хлёр вытарашчыў вочы, паціснуў плячыма.

— Не здарма! Каму прыдзе на розум балхвіць ліха ведае што бяз дай прычыны.

Хлёр памаўчаў, падумаў.

— Чакай, — супакоіў жонку. — Ты ўжо чакай. Памойму, гэта знарочыстая рэч нашых ворагаў. Ты думаеш не, сапраўды. Хітрыкі, кажу табе, хітрыкі. Проста — выдумана. Няма як падкапацца, дык пусьцілі чуткі, каб зганіць і Васіля, і Зосю: Не паверу, і ты, глядзі, не давярайся…

Юстына не супакойвалася: ёй зусім было незразумелым, чаму Хлёр перапыняў яе. І яна спрачалася.

— Мне казалі гэткія людзі, у якіх нельга сумнявацца, якія не зацікаўлены ў тым, каб ганьбіць Васіля.

— Ты політыкі ня ведаеш… Ласьне ведацьмеш, хто твой прыяцель, а хто вораг? Яшчэ прыяцеля хутчэй можна выявіць, а ворага… Іншы ў вочы прыкідаецца добрым, а сам думае прадаць цябе за ломаны асьмак. Цяпер многа гэткіх. Усюды пашлі розныя соцыялісты, басяччо, галадранства — усё з нянавісьцю на знатнейшых людзей, з зайздрасьцю — узяць чужое, спаліць, згнюсіць людзкую чэсьць. Некаму і нечаему верыць… Вось і тут: Васіль перацягнуў Зосю, а іншым крыўда стала — і пашлі іграць у помсту. Можа той-жа Нязвычны напісаў сваім сябрам, каб яны пастараліся ўчыніць якую пакасьць. Бачыш, мала ён пападзужваў Зосю, калі яшчэ быў тут! Або маці ці блізкія іх пастараліся… Я сам і думкі не дапушчу, каб гэта Зося…

— Не бярыся, Хлёр, кажу табе, не бярыся.

Юстына сапраўды не выясьняла сабе таго, чаму муж так старанна абараняе Зосю. Не дагадвалася, што, апроч радняцкага пачуцьця, у Хлёра была доля і політыкі. Гэта яго політыка за-