Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/412

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IV

НАЗАЎТРА ВОЛЬКА РАНКАМ спаткалася з Зосяю. Жывучы па аднэй вуліцы, амаль ня суседкамі, яны бачыліся штодня і не па адным разе; кожная ведала пра другую. Калі Зося ехала ў паравы палетак, мусіла мінуць Вольчыну хату, а па дарозе ў жытнія палеткі Волька праяжджала між хаты Прыдатных. Таварышкі пільнаваліся адна другой, наведвалі вечарамі, калі днём траплялася ня бачыцца. Чым бліжэй падыходзіў тэрмін вясельля, тым больш Зося чула ў сабе патрэбу знаходзіцца каля Волькі, каб дзяліцца з ёю сваім пачуцьцём, думкамі і настроем. Адыход дзявочае пары, часоў росквіту, гулянак вельмі цяжка адбіваўся на Зосі; ёй хацелася, настойна штосьці застаўляла яе выкарыстаць як найпаўней апошнія дні залатое пары дзявочасьці, ці хоць-бы забывацца бягучымі хвілінамі аб нярадаснай, трывожнай будучыне. Яна адважвалася, наперакор бацьком і Васілю, хадзіць на прызбу да дзяўчат, куды сыходзіліся і хлопцы, і гуляць, як гуляла да заручын.

У гутарках з Волькаю Зося ніводнага разу ня мінала, каб не чапіць Рыгора; пытала таварышкі, ці ня піша ён пісьмаў і, калі піша, ці не дапамінае пра яе. Кожны раз Волька хацела хоць чымсьці суцешыць дзяўчыну, але ня было чым. На гэты-ж раз, пачуўшы ад Сёмкі пра тое, што Рыгор усё-ткі шле Зосі ўклон, Волька вельмі была задаволенай, як-бы гэта тычыла яе больш, ніж Зосі. І, спаткаўшыся з ёю ў сваім двары, не дала Зосі доўга гутарыць аб іншым, паведаміўшы:

— Нарэшце скажу табе навіну…

— Якую? — зацікавілася Зося.

— Рыгор табе прыслаў уклон.

— Рыгор? Няўжо!?

Зося зачырванелася ад нечаканасьці.

— Не забывае Рыгор… — праказала.

Пачуцьцё ўмільнасьці сьціснула ёй сэрца і яна не магла нічога болей сказаць.

Волька пазірала спагадліва на таварышку і міжвольна паддавалася яе настрою. «А каб ды ведала яна, што за гутаркі ходзяць аб ёй! Бедная дзяўчына! І трэба-ж зыйсьціся гэткім умовам жыцьця! А здавалася-б, толькі-б і жыць».

Каб разагнаць Зосін настрой, Волька перашла на іншую гутарку, паведаміўшы: