Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вакола крам, тысячы прагных, поўных вострае завіды ўзрокаў прамерыла яе з ног да галавы. Не ў аднаго рызыканта замулялася хаценьне дастукацца знаёмства з ёю, пагаманіць, ці пасьпацыраваць перадлюдня. А язычлівыя перасудніцы-мяшчанкі пасьпелі набрахаць усяго-ўсякага цэлыя каробкі, прыплятаючы ў адно: і бацьку, і маці, і Васіля, і Рыгора, і чорт ведама што.

Зося ўсё гэта ведала і ясна бачыла, што яна многім коле вочы; але ёй гэта было няўцямкі, бо думка яе спынялася толькі на Рыгору, яна была занята толькі ім адным. Зося дапускала, што калі ён прыехаў, то няйначай павінен выйсьці на рынак, і яна ўгледзіць яго хоць здалёку. Ходзячы па рынку, яна пільна ўглядалася ў людзі, але ў іх не магла ўгледзіць Рыгора.

— Зоська, га, Зоська! — раптам пачулася ў яе над вухам, калі яна абходзіла другі раз між мануфактурных крам: — што-ж ты адна блытаешся?

Зося азірнулася і тут-жа ўбачыла перад сабою дзьвюх сваіх таварышак: Ярмалаеву Вольку і Гэлю Сідорышку.

— Ды вось, вышла адна на рынак, і ўсё шукаю, каб каго спаткаць, — адказала яна.

— Дык, хадзем разам, — запрапанавалі дзяўчаты.

— Ідзем! — згадзілася Зося.

І, пабраўшыся за рукі, усе ў траіх, жартуючы і сьмяючыся, пусьціліся ў абход. Праз кароткі час яны прашнуравалі вакол крам разоў з дзесяць, ажно парыжавелі ад утому.

Зося ўжо некалькі дзён, як не страчалася з таварышкамі і ў яе сабралася столькі гутаркі, што яна нават ня чула рыначнага шуму, разгутарыўшыся з дзяўчатамі.

— Дык, ведаеце, мае галубкі, — хвалілася яна звонкім рассыпчатым голасам: — а мне тыдзень таму пісаў Рыгор, што няйначай к чэрвеню месяцу прыедзе да дому. Вось я ўсё і пільную, усё і сачу за кожным, стараючыся яго найці, — з лёгкім сорамам закончыла Зося і паглядзела вакола сябе.

— Але, але, яго маці і мне паказвала ліст, у якім ёй піша, што найначай мусіць прыехаць на сьвята, — дабавіла Волька.

— А мо’ ён ужо і прыехаў, ды дома сядзіць, — дагадна праказала Гэля. — Ну, але, бок; а з Васілём ты такі і не сустракаешая? — пацікавілася яна.

— Волька, цудная дзяўчына. Плявузгае ліха ведае што, — з лёгкім гняўком адказала Зося і нядбайна кіўнула рукою.