Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/310

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сёмка змаўчаў. Пазяхнуў і падняў угору правую руку.

— Ну, ідзі да Зосі, а то прачакаецца.

— Яшчэ пасьпею.

Але наперакор словам паднялася з прызбы і зрабіла некалькі крокаў ад дзяўчат. Сёмка намерыўся прайсьці за Волькаю.

Якраз паперашкодзіў Сроль, падасьпеўшы да зборні.

— Добры вечар! Ці няма тут Сёмкі? — запытаў ён да ўсіх.

Сёмка падкраўся і аблапіў яго за рукаў.

— Вечар добры!

Ужо цішэйшым голасам Сроль дадаў:

— Ты мне патрэбен на хвілю.

Яны адышліся, а Волька вярнулася к прызьбе.

— Я прышоў сказаць, каб ты быў напагатове: Хаіма Крупніка таксама арыштавалі, а зараз трусяць Рувіма Кінда… Ты падхаваў усё?

Сёмка сумеўся, ня могучы скрыць хваляваньня.

— Сволачы! Насталі, бачыш… Трасцу, нічога ня знойдуць, калі і прыдуць.

— Перадай Пятрусю.

— Ведае і ён.


VII

СРОЛЬ НЕ МАРУДЗІЎ, а зараз-жа разьвітаўся і пашоў, а Сёмка няпрыметна для іншых перадаў пачутае Пятрусю.

Пасьля, пачакаўшы хвілінку, удваіх з Волькаю пакінулі эборню і пашлі ўздоўж вуліцы. Прашлі за некалькі хат і прыселі цішком ля платоў аднаго саду. Сёмка перадаў і Вольцы тое, што пачуў ад Сроля, пераняўшы яе словамі:

— Нічога, абміну гэту напасьць, будзеш бачыць.

Волька, аднак, не магла суцешыцца. Тады Сёмка рашуча перавёў гутарку на другую тэму.

— Слухай лепш гэтую новасьць.

— Яшчэ якую?!

— Цікавейшая ад першай.

— Ну?

Волька скора заінтрыгавалася.

— Ты скажы, табе Зося нічога не казала?

— Калі?