Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/304

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ці паможа табе гэты плач? «Плачу, плачу». Карысьць вялікая ад плачу. Ведама, што цяжка аднэй…

Ён зрабіў перапынак.

— А з дзяцьмі, думаеш, лепш? Вось Рыгор там жыве і нібыта той, а тут, глядзі, Віктара Саўкавага заграбасталі… Трудна яшчэ сказаць, як тутака лепш…

— Хведарка мой, завошта-б майго Рыгорку арыштоўвалі-б? Ён-жа такі добры, што ніколі нікому ніякае шкоды не зрабіў…

— Ах! — Хведар паварушыўся на месцы і паматаў галавою. — Нічога вы, бабы, не разумееце, як я бачу… А Віктар зрабіў каму што? Таксама добры хлопец, а аднака… Таму, што добры, што людзям дабра хоча таму і арыштавалі.

Сёмка паглядзеў на бацьку і здавальняюча ўхмыльнуўся. Спадабалася гэта і Саламеі, а Стэпу зьдзівіла: яна наставілася ў бок Хведара і прамовіла:

— Дык, калі так, калі за дабрату арыштоўваюць, хто-ж можа ручаць, што майго Рыгоркі не арыштуюць там? Гэта-ж гвалт…

— А і то-ж ты што думала?

Стэпа ўстала з месца і зрабіла некалькі крокаў да Хведара.

— Чаго добрага, — спуджана загаварыла: — не здарма я мінулай ноччу страшнае гэткае сьніла… Пачуйце адно, — абярнулася вакола: — здаецца, сяджу так адна сьветлай ноччу ў хаце, раздумоўваю аб Рыгорку, успамінаю мінулае — сэрца як не разарвецца, млосна так, ня вытрымаць. Я і кажу сама сабе ўголас: «Не, — кажу — не дачакацца мне цябе, сынок мой даражэнькі». І давай плакаць, плакаць… А Рыгорка, здаецца, гэтак — шусь раптам у хату! «Добры вечар, маці!» кажа. — І стаіць, пільна гледзячы мне ў твар. Я тады хутка узьнялася — адкуль тае сілы старчыла — разьняла рукі і да яго, каб гэта абняць ды расцалаваць, а ён тутака-ж завярнуўся, рушыў ісьці і на хаду: «Бывайце здаровы, матуля, я забег толькі паглядзець на вас і зараз ад’яжджаю далёка-далёка, ды надоўга»… Я гэта ў голас ды за ім, а ён у момант і счэз… Вось бачыце, суседзікі даражэнькія… Ці-ж, думаеце, на добрае гэта?

Мужчыны выслухалі і засьмяяліся, а Саламея разуважыла Стэпу: