Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крадалася сумненьне і ўставала небясьпека арышту і тых скуткаў, якія арышт за сабою пацягне.

Пятрусь пасвойму перадумваў тое самае; ён таксама ўлічаў усе скуткі таго, што трапілася, хоць думаць аб сваім арышце — ня думаў.

Да абодвых падышла нэрвовасьць і западозранасьць.

Дзяўчаты прыкмячалі гэта і пугліва пераглядаліся. Нарэшце Волька ня ўтрымалася.

— То можа нічога. Можа пераначуе і выпусьцяць. Ласьне ўжо тут вельмі сур’ёзна?..

Словы празычэлі, а ніхто зразу не адказаў. Толькі Сёмка пусьціў крохкую ўхмылку, якою засьведчыў Вольчыну наіўнасьць.

Вольцы стала ніякавата.

Гэля кранула яе за рукаў, намерыўшыся нешта сказаць. Пятрусь перабіў:

— А і надало ім ліха не ўсьцерагчыся.

Аглянуліся і падышлі да войсьця ў Сівулінскую вуліцу, патрошку пачалі пераходзіць да жартаў і няпрыкметна некалькі згладзілі ўражаньне ад арышту.

— Да хаты, да хаты! — парадзіла Гэля.

Моўчкі згадзіліся і пашлі ў вуліцу. Дзяўчаты расшчабяталіся і павялі гутарку аб розных здарэньнях, якія бачылі на працягу дня. Расказалі далей, як напаткалі Зосю, у якім яна была настроі.

Гутаркі хапіла на поўвуліцы, да Сёмкавай хаты, дзе кампанія прыпынілася, хвілін пяць пастаяла і разышлася.


V

— АЙ ДЫ СЁМКА! Цалюсёнькі дзянёк, гэткі доўгі дзень і не паказацца ў хату. Ад раніцы, як вышаў, дык і ні абедаць, нічога. Галодны праз увесь дзень… Дзе ты быў, хаця, нябожа?

З гэткімі словамі стрэла маці Сёмку.

Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў:

— Вас ня было ў хаце, а я некалькі разоў прыходзіў. Два разы еў сёе-тое.

— Калі ты прыходзіў, та што ты еў? Я-ж амаль ня цэлы дзень сяджу дома, — і на рынак ня выходзіла. Няўжо-б ня бачыла, каб ты прыходзіў?