Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А як-жа-ж, дала вялікі ахапак дзяцельніку, — скарамоўна адказала Зося і ветрам выляцела з хаты, няўсьпеўшы нават прычыніць дзьвярэй.

— Што яна за цікавасьці ўбачыла там, што памчалася як кручаная, — зьдзівілася Марта і падышла к акну.

Стаўшы колінкамі на лаву, яна чуць не да паясьніцы прасунулася ў вакно і некалькі раз азірнулася ва ўсе бакі; потым спынілася вокам на маленькай грамадцы людзей, якія стаялі ля платоў Прахоравага гародчыку і пільна, у голас, размахваючы старанна рукамі, аб нечым гутарылі. Між іншымі кабетамі, Марта ясна адлічыла Сымоніху, Саламею Янкаву і Нязвычнага Стэпу, Рыгораву мацеру; яны трое стаялі ў самым асяродку грамадкі і пільней ўсіх былі заняты гамонкаю. Марта бачыла, як Зося настойна праціснулася ў гурток і пачала лавіць кожнае слова Стэпы, якая скардзілася жанкам на Беражучка за яго непамерную нагласьць і хцівасьць. Да Марты даходзілі то цэлыя словы, то кусочкі іх, і яна, зацікавіўшыся, пачала пільна прыслухвацца к гамонцы, наварочваючы голаў у той бок, скуль яна чулася.

— І ты нешта ўбачыла там цікавае, — папікнуў Мікола.

— Чакай троха, дай адно прыслухацца лепш, — махнуўшы прасаджанаю назад рукою, уняла Марта мужа.

Але ёй доўга слухаць не давялося; гурток жанок неяк раптоўна ўскалыхнуўся і пачаў раставаць, расходзячыся ва ўсе бакі вуліцы. Зося адлучылася ад усіх і бягом павярнула да сваёй хаты; яна пасьпела прыбегчы, калі Марта не завіхнулася яшчэ вылезьці з вакна.

— Што там трапілася такоўскае? — запытала яна дачку.

— Што? нават і казаць брыдка; ліха ведае што. Вунь, гэты самы Васіль Бераг, ведаеце, угледзіўшы, што Стэпа нясе бярэмейка галяйка, спыніў яе ля студні, абламзаў і, давай спавядаць, лаяць, ды, нават, штурхаць. «Гэта», кажа, «няйначай, ты пакрала маё гальлё, швалдыга ты няшчасная», ды ўзяў і адабраў дровы ад Стэпы; вось яна цяпер і скардзілася жанкам.

— А яно так і трэба, — злосна ўставіў Мікола, — хай гэта голь ня вучыцца абкрадаць чужых пасек да абрываць лугоў, гародаў і ніў.

Бацькавы словы Зосі зусім не спадабаліся, але яна нічога на іх не захацела адказваць, каб ня ўразіць бацькі, а спакойна і маўчліва паднялася з мейсца, вышла ў сенцы і пачала зьбірацца ка сну.