Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/278

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Крыху памаўчала і іншым тонам дабавіла:

— То ўжо выбачайце хаця: чым хата багата. Прыжджом Васілёвага вясельля — іначай загуляем…

І, правёўшы гасьцей з двара, на разьвітаньні дапомніла ім:

— Вы-ж помніце тое, што я мушу вас бачыць на Васілёвым вясельлі. Вы дзеля мяне найлепшыя сваякі… Андрэй, ці чуеш? Прыяцель ты наш харошы — не адлучайся нікуды!

— Не, не! Дзякую, Тадоська, дзякую.

— Тут не ў падзяцы рэч…

Іх гутарка, рэзкая і гульлівая, сярод ціхай ночы, зычным водгукам разносілася ва ўсе бакі.

Адказам на яе з Сівулінскай вуліцы данёсься трывожны стук бражджоткі. Гэта паслужыла перасьцярогаю, і госьці змоўклі ды паціху разышліся.

Тадося з Васілём вярнуліся ў хату і патушылі агонь.


V

ВЯРНУЎШЫСЯ З ВОРЫВА, Сёмка пры ўезьдзе ў двор прыкмеціў, што ў хаце сядзіць нехта чужы: запаленая лямпа сьведчыла, што да іх зашоў рэдкі госьць — пры сваіх паліцца газьнічка. «Хто-б то быў і з якое прычыны, цікава?» падумаў Сёмка, і як-бы ў адказ думкам, пачуў:

— Дзе ты блытаўся гэтак доўга? Ты, брат, мы бачым, буржуем хочаш стаць: жарты, да поўначы сядзець на полі.

Сёмка пазнаў па голасу Сроля Доўгага, наезнага ў Сілцы гарбара, сябра сілцоўскай організацыі.

— А як-жа, мушу гаспадарства даглядаць. Гэткія нашы ўмовы.

Зьлезшы з драбін і паглядзеўшы ў вакно, заўважыў у хаце і Віктара Стаўбуна, які аб чымсьці вёў гутарку з Сёмкавым бацькам.

— Наша справа — ня ваша: у нас няма абмежаванага рабочага дня: узышло сонца — выяжджай, зашло — канчай. А ў вас: перабыў свае дзесяць гадзін — і бывай здароў.

Загаварыўшыся, ён паціху пачаў распрагаць каня і ўладавацца з ім.

— Ды кінь ужо, я сам распрагу, — вышаўшы ў двор, пераняў бацька: — хлопцы, вунь, чакаюць гадзін со тры. Ідзі да іх у хату… Пэўна, настаў, каб заараць усю палосу — так бавіцца…