Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хоча падняцца, устаць, але чуе сябе бы прывязанай к месцу і ніяк ня можа зрушыцца. А той, хто яе кліча, усё настойней валтузіць яе за руку і, нарэшце, голасна-зычна крычыць ёй на вуха: «Паднімайся, Стэпа!» Крык, як рукою, зьнімае з яе ўвесь цяжар і дае мажлівасьць расплюшчыць вочы: Стэпа прачынаецца і бачыць перад сабою мужчыну, якога некі час ня можа распазнаць. А той спакойліва маўчыць, чакаючы, пакуль яна што скажа. Але ў Стэпы не варочаецца язык, каб што-колечы сказаць незнаёмаму ёй чалавеку, і яна ўпарта маўчыць ды прыглядаецца. Нарэшце, чалавек першы загаворвае да яе:

— Што з табою, Стэпа? — пытае: — на вуліцы поўнач, а ты дрэмлеш на прызьбе?

— Па голасу Стэпа пазнае Сафрона Дратунца — вартаўніка і адразу супакойваецца.

— Гэта ты, Сафрон? А я думала — нямаведама хто.

Стэпа прыпомніла, якім чынам яна апынілася тут, але Сафрону не захацела расказаць, каб ён назаўтра не расьпусьціў па мястэчку.

— Ах, Сафронка, гэта-ж у мяне, нешта нейкае, схапіла балець галава і я чаго-чаго ні рабіла — баліць ды годзе. Тады я паднялася з пасьцелі і думаю: выйду хіба я на вуліцу, а мо’ перастане. Вышла, прысела, гэтак, каля вугла і прыкархнула. Вось дзякуй, браток, што хаця абудзіў ты мяне, а то да раніцы праспала-б, — схлусіла Сафрону Стэпа.

Сафрон прысеў каля яе і закурыў люльку.

— А я іду так у абход, прыглядаюся паўз хат і бачу: як-бы сядзіць нехта каля сьцяны. Падыходжу, ажно чалавек; прыглядаюся — Стэпа. Давай, думаю, разбуджу. І прыняўся будзіць, аж бачу, ты не прачынаешся лёгка: сьпіш, як пасьля вясельля якога. Тады я гукнуў мацней; і як гукнуў — ты і прачнулася, — весела казаў стары.

— А, нябось, і ўгледзеў-жа ты мяне; вочы старыя, а яшчэ празрыстыя, — пажартавала Стэпа.

— Пара прывучыцца ў цемні разглядаць; вось ужо дзесяты год, як вартаўнічым служу.

— Ажно дзесяты год!.. — зьдзівілася Стэпа.

— А вядома што. Ад таго году, як памёр Пранук Гладыш. Вось ужо на Юр’я было дзевяць гадоў, як ён памёр. Памёр і пакінуў мне спадчыну.