Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мо і ты, Зоська, паспытаеш? — абярнуўся к дачцы Мікола.

— Ды не, я не хачу; адкасьнецеся вы! — сярдзіта адказала Зося.

— Та чаго ты ўсё капрызішся? Чаго табе не стае ў нас? — сур’ёзна прагукала Марта.

— Гэта, яна, мамачка, сёньні ліст з пошты атрымала і мусібыць аб ім так заклапацілася! — рагочучы, весела пралепятала Тэкля.

Зося гнеўна паглядзела на сястрыцу.

Настрой усіх разам перайначыўся: Мікола з Мартаю зьдзіўлена пераглянуліся паміж сабою, потым акінулі ўзрокам дачку, якая раптоўна ўся так і загарэлася ад ўскіпеўшай злосьці на Тэклю… Васіль ажно зьмяніўся на твары, які адбіваў сабою трывогу і вялікую, горкую крыўду.

— Ты і ўпраўду атрымала ліст, Зоська? — спусьціўшы крыху часу абярнулася Марта к дачцы.

— Ну, а калі і атрымала, дык што? — з нядобраю ўхмылкаю адказала Зося.

— Нічога, бач. Толькі, скажы хаця ад каго? — хітра пацікавілася маці.

— Ды пакінь распытвацца; гэта зусім ня наша дзела, — перабіў жонку Мікола, — вось ляпей давай болей гарэлкі, — дабавіў ён і выпіў ізноў кілішак; затым паднёс Васілю, які на гэты раз рашуча адказаўся. Ён дагадаўся, што Зося ліст атрымала няйначай як ад Рыгора і гэта яго кінула ў роспач.

— Та бярэце хаця закусвайце, — упрашвала Марта.

Але Васілю і яда ня лезла ў горла.

За тое сваіх прасіць ня трэба было: яны ўпляталі пастаўленае на стале і хутка апаражнілі абедзьве талеркі.

Марта пасьпяшыла папоўніць закуску сьмятанаю з блінцамі.

— Вось, закусіце яшчэ! — папрасіла яна.

Але, апроч Зосі, ні таго, ні другога ўжо ніхто і не паспытаў.

Вылезшы з-за стала, Васіль падзякаваў за выказаную яму гасьціннасьць і пацалаваўся з гаспадарамі дому.

— Ужо бадай што к поўначы блізка, — праказаў ён з намёкам на патрэбу пайсьці з хаты.

— А ты, нябось, ведзьмы баішся, — пасьмяялася Марта.