Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

арыштант той: цёмны, чорны. А што маеш з гэтага? Ледзьве хапае да вясны. Каб не зарабіў сям-там урыўкамі — то ў хаце і капейкі ня было-б. Покуль зьбярэш — колькі мук вынясеш, колькі сэрца тваё перабаліць! Чакаеш і думаеш: а тут град, а то няўрод, — ой, як цяжка жыць нашаму брату! Вось і рыпаешся насьціханна, як вол той, ярмо цягаеш… Ну, а ты? Робіш, а аб гаспадару ды яго набытку і ня думаеш.

— Затое-ж восеньню вы — панамі глядзіцё: зьбярыцё з поля, змалоціце і бочкі, і хваскі паўнюсенькі… Можна і сьвінчо падкарміць, і каняку выгадаваць ды прадаць — вось грошы і ёсьць. Што і казаць — усё-ткі гаспадарства — ня наша дзела. Нам-жа — толькі рукі адказвайце на усё: дастаў працы — маеш хлеб, не — дык здыхай з голаду. А час няровен: сёньні чалавек здароў, а назаўтра — і ня ўстаць, — выказала сваю думку Рыгорава маці.

— А ў іх? У іх таксама! — уставіў Рыгор.

— Эй, цётка, цётка, лёгка сказаць: гаспадарка-а-а! Можна завідаваць, чаму не. А прыгледзішся — як тое зданьне: тут ёсьць, а тут няма. Сухоты адны! Колькі таго поля, а падаткаў — сып асьмінамі. Уся сям’я працуе цэлы год, а ў канцы — нічагусенькі ў адплату. Наша гаспадарка… Адно слова — гаспадарка. Яшчэ калі ўрадлівы год — то ні сё, ні то, а вось як леташні — пяць коп саломы нажалі замест жыта ды коп па дзесяць саломы замест аўса з ячменем… Каб не картоплі — выжыць нельга было-б. Вядома, зусім іншая рач, калі ўзяць гаспадарку гэткую, як, напрыклад, Прыдатных, Берагоў, Грыбаў, ці другіх, падобных ім. Вось там ужо ёсьць на чым разьвярнуцца: рукі грэе яна добра. А мы — ні гаспадары, ні парабкі.

Сёмка схіліў голаў і нядбайна матнуў рукою. Стэпа пільна выслухала яго і праказала:

— Да яно-то так, вядома.

— Але, на іх ліха, — падаў сваю думку Рыгор, адзначыўшы захілам ліста месца кніжкі, дзе спыніўся чытаць, і палажыўшы яе на лаве: — І обмарак ведае, як гэта ужо ім так пашанцавала? Пане мой, нажылі цэлыя маёнткі, маюць тысячы грошы і нібы-то тыя: жывуць, цешацца ды толькі пасьмейваюцца з другіх. Нічога ім ня трэба, ні да чаго іх ня цягне. Як жывёлка… Вядома, мне зусім незавідна, але гэты стан людзей мне дужа адвароцен… усяму мястэчку цяжка ад іх! За імі сонцу не праглянуць…

— А ты думаў што? Гэта — чортава насеньне, гэта — атрута