Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Паглядзі, во, — пачаў першым Сёмка, калі яны ачуліся на вуліцы: — як піць даць Зося апыніцца ў Берагоў.

— Ты думаеш? І нічому ўжо ніяк нельга паперашкодзіць?

— Дзе ты бачыў! Прыдатны сагне яе ў бараньні рог.

— Няўжо гвалтам?

— Або ты ня ведаеш таго? Калі табе прышлося забыцца!..

— Шкада Зосі… як чалавека і харошага таварыша…

— Так, яна, бадай, адна ўвесь час знаходзілася ў нашай кампаньні; пры ёй можна было гаварыць і аб сакрэтах… Яна ня чужылася страшных і зьненавісных другім дэмократаў… Нават, ты-ж памятаеш, колькі разоў Зося наведвала нашы маёўкі… Тым часам — во… У адзін момант апыніцца ў абоймах гэтага дзедзіцкага вырадку…

— А я думаю яе і надалей падагітаваць… Авось у дзяўчыны знойдзецца сьмеласьці, і яна задумае паспрачацца з бацькамі… Ты-ж, з свайго боку, Сёмка, паспрабуй уплыць на яе… Свая дзяўчына…

Сёмка няўверана паглядзеў таварышу ў твар.

— Сумняваешся?

— Так… Мяне дзівіць, Рыгор, што ты судзіш так, мэрам-бы табе наша Сілцоўская сапраўднасьць зусім невядома.

Яны прайшлі вуліцу, і па Сівулінскай дарозе вышлі ў яравыя палеткі. З поля нясло вільготнай сьвежасьцю, але руцянеўшыя ўсходы цешылі маладым жыцьцём. Дзесьці, па другі канец палеткаў, зычэлі гукі пастуховых берасьцянак і плаксіва залівалася нудлівая жалейка. Пры бліжэйшай вёсцы махалі скрыдламі пару вятракоў. З дзесятак падвод, нагруджаных мяшкамі збожжа, накіроўвала да іх вузкімі завілымі сьценкамі. Нечакана з Сівуліна ехаў тамтэйшы вураднік, вядомы кожнаму Сілцоўцу па дзевяцьсот шостаму году, калі ён на працягу ўсяго студня месяца рабіў аблаву на сілцоўскіх соцыял-дэмократаў… Вураднік пільна паглядзеў на знаёмых яму хлапцоў, правёўшы іх узрокамі. Але ні Рыгор, ні Сёмка не прыдалі гэтаму жаднае ўвагі. Яны завярнулі направа, да гуменішча, не пакідаючы абгаворваць закранутае Рыгорам пытаньне. Сёмку пэсымізм нездавальняў Рыгора, і ён стараўся яго разьвеяць сваімі довадамі.

— Ты, браце, паддаешся няцікавым настроям… цябе ўпарта зацягаюць сілцоўскія інтарэсы дробных…

Рыгор не дасказаў, бо зусім нечакана для іх абодвых як з зямлі вынік Пятрусь. Ён вяртаўся з працы, з сякераю за пля-