Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зося — быццам хтось кальнуў яе іголкаю ў самае хворае мейсца — пачула вялікую і праціўную боль, якая раптам расплылася па ўсім яе целе і страсянула ім. Твар яе зьбялеў, смуткам акрыліся вочы.

— А калі прышле — то што? Хай прысылае, чорт яго бяры…

— Дык цябе-ж бацькі могуць ня пусьціць.

— А то я іх так і пабаюся!

— Дык трэба іх слухаць, ты мне гэта казала.

— Ай, ай! Пакінь, Рыгор, сьмяяцца з мяне, — сярдзіта перабіла Зося.

— Што ты, Зося! Пры чым тут сьмех. Я тэтага ніколі не дазваляў сабе.

— Тады не кажы мне нічога пра Васіля. Мне балюча і праціўна слухаць…

Зося не даказала. Відаць было па яе настрою, што яна адчувае глыбокае ўзрушша і цягчыцца кожным дапамінкам пра розныя чуткі аб Берагавых намерах. За гэтым Рыгор рашыў нічога не ўспамінаць. Але Зосі не маўчалася. Прайшоўшы з поўганоў моўчкі, яна першаю загаварыла:

— Эх! і надаела мне ўсё гэта!..

— Што? Чаму?

— Так, вельмі праціўна.

— Альбо-ж нельга паправіць?

— Ізноў пра гэта?

Рыгор убачыў, што гутарка ізноў перайходзіць на балючую для Зосі тэму і пасьпяшыў знайсьці ёй іншы напрамак.

Якраз яны мінулі лес і падыйшлі к самаму краю гары, з якое трэба было сходзіць у капусьнікі. Праўда, адгэтуль ішла яшчэ і другая сьцежка, але яна накіроўвала між другога боку жытніх палеткаў і сходзіліся з Сівулінскаю дарогаю; гэтым шляхам ісьці было шмат далей.

— Ну, кудэй пойдзем, Зося? — абярнуўся Рыгор да Зосі.

— Я думаю капусьнікамі ляпей.

— Ідзем капусьнікамі.

Пабраўшыся за руку, Рыгор з Зосяю ішлі перш ціха, падварочваючы то ў адзін, то ў другі бок, а потым, калі мінулі самую стромасьць, Рыгор пусьціўся бегчы і пацяг за сабою Зосю…

Хутка яны былі на нізе, пры беразе рачулкі.