Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хто там? — пачулася з-за вакна.

— Я, Франусь… адчынеце-э… — зычным шэптам падаў ён з двара.


II

Украдкаю, перашэптваючыся з бацькам, Франусь увайшоў у хату. Панясло цяплом і спакоем. Захацелася сесьці.

— Як-жа ты, сынок, умудрыўся так? Цёмнаю ночкай! — пытаў бацька.

З ляжанкі зьлезла маці. Старэйшы брат, Платон, зашавяліўся на лаве. Пайшлі запытаньні.

Франусь прысеў на лаве між двух вакон, і, седзячы, расказваў, як і што ён рабіў, каб уцячы з палка. «Падгаварыў камандзіра ўзводу, каб той дазволіў мне адлучыцца на нейкі час, а ўсё ўжо было раней сабрана. Камандзір даў дазвол, і я паціху, як-бы за справаю, пакіраваў у лес. Клунак-жа, гэты вось, яшчэ заўчасу прыхаваў у надзейным месцы. Пайшоў і — пайшоў»… што слова, то гучней, выказваў Франусь.

Бацька прыняў ад яго клунак, шынэль і боты і ўсё гэта разлажыў кожнае паасобку, што на лаве, што на ляжанцы. Маці пільна ўглядалася ў твар сына, хочучы выглядзець яго рысы ў цёмным хатнім змроку.

— Я захапіў нават з адзежы што-кольвек, — казаў далей Франусь, — і пару чаравік для бацькі. Прадаваў таварыш, а я пераняў. Цяжка да таго, што хлопцы апошняе прадаюць… Нямерна цягло ўцячы, і цяпер я так здаволен, што…

— Цішэй вы троха, — пераняў Платон, не паднімаючыся з лавы, — можа ў двары хто, слухае…

Франуся запалохала братняя перасьцярога. Раптам вярнулася нядаўнае пачуцьцё страху. Ён павярнуўся да вакна, каб паглядзець у двор, але тут-жа апамятваўся і адхіліўся назад. Чаго добрага — угледзяць знадворку і тады… Раптам цяпло, хатняя гасьціннасьць — адыйшлі дзесьці назад. У вачох, у гушчы змроку замігалі цудоўныя нарысы нейкіх падазроных вобразаў. З вокан, якія стаялі супроць вачэй,