Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/287

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і праз цэлыя дзень і ноч перад ад’ездам яна перабірала ў думках усе ўмовы й абставіны, з якімі прыдзецца спаткнуцца ў новым саўхозе. Баялася глушы, як мыш сьвятла. Ня верыла, што ў іх будзе іначай, весялей, як у іншых глухіх куткох. Нарэшце, перамагла гэта пачуцьцё, вырабіла ў сабе бадзёры настрой, пагадзілася з лёсам і намерылася нясьці лямку на працягу году… А мо’ выпадак здарыцца які, а мо’ раптоўна праблісьне які шчасьлівы момант? Якраз ён не заставіў сябе доўга чакаць. Прымха нейкая падвяла к ёй Цыбуліна. І, як на зло, надало ім стрэцца ў гэткую мінуту, калі на твары Цыбуліна склаліся неадхільныя рысы, чаруючая ўхмылка, якія прайшлі ёй, Акіліне, у нутро і абнадзеілі яе салодкімі надзеямі. Яна адчувала прыкрасьць гэтых надзей, бачыла косыя озіркі Ладымера, ведала, што муж калі-небудзь зазнача ёй гэта, прызнавала сьлізкасьць сваіх крокаў, — яна ступіла на гэткі шлях — і… не магла сустрымацца. Цыбулін засеў у голаў, зацьміў Ладымера, Паўлусіка, сямейнае ціхае жыцьцё, яго непарушанасьць, падцяў нясумненную павагу з яе боку да мужа, хоць ня палкую, а калісь моцную любоў да яго. Сама не разьбіралася, як усё ідзе, як скручваецца клубок… І ў той-жа час думка, што «Ладымер паедзе ў Кругі», суцяшала Акіліну, як суцяшае хлебароба пагодлівы час у жніво. Яна яшчэ раз малявала сабе вобраз саду, ночы, спатканьні з Цыбуліным, ласкі… ласкі… і дрыжэла, каб хаця ўсё асталося ціха, шыта-крыта, мінутна, пераходна, каб ніякага сьледу не пакінула гэта на ўзаемаадносінах з Ладымерам. Гэта было штосьці на манер загавору, падгатоўка помсты мужу за яго грахі ў сямейных узаемаадносінах.

Акіліна раз-у-раз паглядала на Ладымера, баючыся, каб ён чуцьцём не падслухаў яе думак, і, бачачы яго замілаваную заспакоенасьць, суцяшала сябе: «А я-ж ведаю, што ты не адзін раз зрабіў тое, што табе хацелася. І, пэўна, не пахвалішся мне. А я маўчу. Няўжо будзе грэх, калі я хоць раз прытаю табе сваю… чыннасьць».