Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён пытальна паглядзеў на Шмуйлу.

— Не, цябе ня помню. Мо’ калі й ведаў, толькі выйшла з памяці, — адказаў Шмуйла.

— Ну, і дзіва няма, — умяшаўся адзін з сялян, паважна раскурваючы люльку: — наша рэч старыкоўская: што дзень — памяці меней.

— Вядома, вядома, дзядзька. Вось і таму дзіва, што Шмуйла мяне помніць. Таксама гадоў з чатыры не сустракаліся, — сказаў Гарасім.

— Гадоў чатыры — то глупства. Затое раней я добра знаўся з вашай раднёю. Бывала, Янка што-тыдзень у мяне, а я ў яго. У нас, дзякуй богу, шмат чаго хаўруснага рабілася. Го, твой бацька, то чалавек, якіх мала знойдзеш. Разумніца, хітры, сьмікалісты, прайдзі-сьвет, ня вам раўня. Бывала, што мы з ім не вытваралі, якіх дзялоў не вялі. Хай сам скажа!

Гарасім і Несьцер усьміхаліся.

— Чаму-ж не, бываюць такія, ўдаюцца, — ваткнуў сваё слова той-жа селянін.

— А вось хоць-бы наш Нічыпар, чым не такі? — дадаў яго сусед.

— Старасьвецкія людзі ўсе хітрэйшыя за сучасных, няма чаго казаць, — згадзіўся трэці.

Пакуль ішла гутарка, на стале апынулася вячэра, і сям’я Шмуйлы, семера душ, сядзела за сталом. Старэйшая дачка, тая, што сустрэлася з Грэбенямі на вуліцы, была за гаспадыню і падавала на стол.

Звычайная шабасовая вячэра адзначалася багацтвам страваў. Суп, цымус, бульба, мяса, рыба, кугель, кава і інш., ня гледзячы на цяжкія часы, у той-жа порцыі, як і ў бывалашнія гады, напаўнялі стол. Недахват яды, голад, з якім добра пазналіся й Гарасім і Несьцер, тут ня чуліся. Вось, пазіраючы за зьменай страваў, абодвы Грэбені пераглядаліся між сабою, праводзячы ўзрокам на стол кожную міску. Сялянам-жа гэта было няцікаўна.