Я збудую сабе хату
Пад нябеснаю шатою
На высокім стромым скату,
Над бурліваю ракою.
Навакола па абшары
Рунь багатая разьляжа;
Ў буру неба ўбяруць хмары,
Хмары чорныя, як сажа.
З неба будуць зычным гудам
Ка мне ў хату зьлятаць громы
І маланкі ад іх пудам
Спусьцяць мне свае паломы.
Ў шыбы вокан вецер з даляў
Сьвежай весткай пачастуе,
Лёгкай, плаўкай сваей хваляй
Маю хату пацалуе.
Ў гэнай хаце я ня мушу
Думкам нудным скутак даці,
Ў ёй я буду сваю душу
К волі вольнай прычашчаці.
Ў гэтай хаце сроць прыроды,
Ў дзікім гуле навальніцы,
Я — пакорны раб свабоды —
З ёй магчыму навек зьліцца.
Капыль, 1912
|