Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дучага поэты западалі зерняты хараства і эстэтычнага пачуцьця. І гэтыя зерняты далі багатыя ўсходы ў творчасьці Гартнага. Пісьменьнік востра адчувае ўсе водцені розных процэсаў сялянскай працы. Ён, напрыклад, маляўніча рысуе нам, як пад „сярпом крывым“

Жыта хутка гнецца,
Сноп за снопам у радкі
Покладам кладзецца.

З мілаваньнем спыняецца аўтар таксама і на малюнку касавіцы:

Ня спадлі ‘шчэ раньнія росы,
І сонца ня стала сіяць,
Як гострыя ў поплаве косы
Вясёла і зычна зьвіняць.
Бліскаюць рэзва на сонцы,
Сьвішчуць, шумяць у траве…

(„Касьба“).

Яшчэ больш поэтычны малюнак касавіцы пісьменьнік дае ў сваім романе „Сокі цаліны“. Ён трапна ў мастацкіх зарысоўках перадае тут самы рытм сялянскай працы і яе напружанасьць, узвышаючыся да яскравай плястыкі вобразаў і адначасна глыбока прасякаючы ў поэзію вясковай працы. Вось невялічкі ўрывак з гэтага шырокага разгорнутага малюнка: „… Зьяднаючым гмахам, які выцінаў музыку кляпаньня, захапіліся касцы ў касьбе. Так плывуць рыбакі на доўгім цяжкім чаўне, паднімаючы і апускаючы ў воду вёслы; так сякуцца ў атаках на вайне, размахваючы шаблямі, штыхамі. Касцы былі першым шэрагам салдат, што ідуць у наступ, стыкаюцца з ворагам і пачынаюць секчыся. Толькі мігалі доўгія дугі пад лёзамі блішчастых кос. Толькі сьвісталі сьмяртэльную песьню стромыя замахі, кладучы сьвежую траву ў роўныя пакосы“…

Так маляўніча апісаць процэсы вясковай працы мог толькі мастак, органічна зьліты з працоўным людам, прасякнуўшы ў розныя праявы яго быту: толькі на падставе такога прасякненьня магла зьявіцца тая сымфонія фарбаў і гукаў, якую даюць нам у Гартнага зарысоўкі жніва і касавіцы.