Гэта старонка не была вычытаная
II
СЛУЦАК
Прытуліўся, прылёг пад садамі,
Новых дзён — ды вякамі ждучы.
А цяпер вось старымі дамамі
Мову іншую кажа Случы.
Ад князёў, ад паноў, ад няволі
Успаміны — гіньце ў пустэчы!
Не, ня будзе, ня будзе ўжо болей
Аб пары тэй ягонае рэчы.
Над будынкамі шэрымі сьцягі
Сьвету новаму значаць — цуды;
Разьлятаюцца пекныя сагі,
Звоніць гімн працоўнаму люду.
Ядранее, як лес, жыта ціха,
Нахіліла калосьсе удала…
Старадаўняя можа ткачыха
Вызваленьне працоўным прыткала?
Хай гудзяць ‘шчэ званы на званіцах
І спакусаю крыж у вочы;
Марсельезе ўжо ня зглушыцца,
Марсельезе ужо ня змоўчаць.
Ад усходу на захад далёкі
Яе вокліч звоніць завуча:
Сустракай, Слуцак, новыя векі,
Шумі радасьней рэчкай Случчу.
22/III 1925