Мы вышлі з гразкае, смуроднае лагчыны,
Дзе нас жыцьцё мінулае трымала,
І з ног сваіх страсьлі яго мы парушыну,
Якой яно нам вочы засыпала.
Вякі мінулыя няпраўды і прыгону,
Вякі заможных, князяў і ўладараў
Адданы нашаму рашучаму праклёну,
Зьнябыцьцю вечнаму зданы ў ахвяру.
Мы пішам злучнай, зьлітнай братняй грамадою
Людзкой гісторыі вечныя страніцы;
І вехі нашы — ўперадзе. Гараць яны гвяздою —
Бліскучай, зыркаю, праводнаю зарніцай.
Па мёртвых целах, згубленых на збройным полі,
Ваяк-змаганьнікаў ў часы паўстаньняў,
Наш шлях вядзе да ясных мэтаў сьветлай волі,
Да творчай працы й братняга зьяднаньня.
„Ўставай, хто сьпіць!“ „На бой крывавы!“ — гэта нашы зовы —
Грымучыя, завучыя нязьменна
Уперад, к сонцу, мур жыцьця узводзіць новы,
На землю зьняць з высотаў дзень праменны.
Няма ў разгоне нам прыпынку — й быць ня можа,
Назад глядзець мы больш ня хочам.
|