Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВОСЕНЬНЮ

Пажоўклі рутныя лісты
І толькі ветрыкам павее,
Як дождж іх жоўты і густы
Траву і сьцежачкі засее.

Ідзеш па іх — шамцяць яны
Ды мягкай коўдраю пад ногі
Лажацца, быццам дываны,
Сабой ўбіраючы дарогі.

Здаецца, жаль па іх ісьці —
Спагадай ціхай сэрца б‘ецца —
А мо‘ ‘шчэ будуць зноў русьці
Ад іх галеючыя дрэўцы?

Мо‘ толькі маласьцю яны
Пацешаць землю, каб нанова
Разбэрхаць гэты дываны
І ўбраць згалелую дуброву?

Гуляе ветрык, мчыцца скуль
І шумам голасна гавора:
„Пакінь надзеі ў фарбах муль
То восень ціха йдзе з-за мора“.

Пецярбург, 1914