III
SIGESALLEE — АЛЕЯ ПЕРАМОГІ
Шырокай стужкаю яна
Кладзе разгон праз Сад Зьвяроў —
Ад сьценаў вулічных муроў
Дa Königsplatz‘у палатна.
Пад шатай ветлівых дзярэў —
Дубоў вяковых, ясеняў і ліп,
Што побач робяць да ёй лёгкі згіб, —
Стаяць рады мармуравых цароў.
І з іх вачэй, з маркотных твараў іх
Глядзяць здарэньні тыя, што былі
Ў жыцьці-быцьці нямецкае зямлі
Ў часы мінуўшчыны, з вякоў былых.
І ў кожнай складцы царавых маршчын,
Ў замерлых бліках хворых іх вачоў
Глядзіць намер крывавы палачоў:
Знайсьці канцы няведаных прычын,
Якія рэзкім махам сьцялі ход
Жыцьця ў няволі, ў горы і бядзе,
Наўпроць якому новае вядзе
Паўстаўшы, ўзьюшаны вакол народ.
Але што дзень, то болей вісьне смуць
На твары грозныя цароў-ўладык,
І вочах іх захмураны азірк
Бязмоцны ў сэнс сучаснасьці зірнуць.
Бэрлін, 1922.