Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Поэта-індывідуалісты заўжды бачыць і ў вакольнай прыродзе пераважна адмяжованасьць, спыняецца на абмалёўцы ізоляваных зьяў і прадметаў. Такі поэта з замілаваньнем малюе адзінокі месячык на небе, адзінокія зоркі, адзінокія хмары — вобразы, якія таксама зрабіліся шаблёнам у поэзіі. У зусім іншым аспекце прадстаўляецца прырода вачом поэты колектывістага: ён пераважна ў надворным сьвеце будзе бачыць злучнасьць і зьлітасьць рэчаў. Напрыклад, ва ўспрыманьні пролетарскага поэты Самабытніка, зоркі — гэта колектыў неба, які змагаецца з цемрай („Моим собратьям“). Кірылаў апявае „Голубых созвездий созвон“. У поэзіі Казіна ўвесь космос прадстаўляецца, як „синекаменный завод“, дзе сонца, хмаркі, маланка і ўсё іншае працуюць, як людзі. Цішка Гартны таксама назірае ўзаемную злучнасьць і зьлітасьць рэчаў. Ён далёкі ад таго, каб апяваць адзінокі месячык і адзінокія зоркі, у яго, наадварот:

Цеснай роднай сям‘ёй
Зоркі з неба ўсяго
Міргацяць над зямлёй.

У другім месцы сонца выступае ў Цішкі Гартнага як барацьбіт, які змагаецца з цемрай („Каля бору сонца ходзіць“), і мастацкая ўвага яго, далей, спыняецца на сузор‘ях, якіх ня „скрыць цемні ночы“ ды інш.

Так, зборнік „Урачыстасьць“ становіць сабою яскравы выраз бадзёрага сьветаадчуваньня песьняра, які бачыць усюды рух, дынаміку барацьбы і адначасна ўзаемную сувязь рэчаў. Прасякнуты такімі бадзёрымі настроямі, Цішка Гартны адгукаецца на ўсё пекнае і прыгожае: і рэволюцыя, і прырода, і ўсё жыцьцё ў цэлым стаіць тут у сваім сьвяточным убраньні; нават народная фантастыка не абмінута поэтай; у яго выступаюць цені —

Доўгакосых
Тоўстаносых,
Цёмнатварных
Грозных, ярых
Лясуноў.