Йдзі дарогаю заросшай
Дзікім чэмерам-травой.
Йдзі няўтомна ды нязможна
З непаніклай галавой.
Няхай груды ды завівы
Не палохаюць цябе;
Хай ружовыя пазывы
Не тануць ў цяжкой журбе.
Над табою зданьне сьмерці —
Дух згубіцельны пяе —
Кожнай хвіляй мерыць ўперці
Ў змрок нябытнасьці свае.
Хай да сэрца йдуць сумленьні,
Сполах крадзецца к табе,
Загартуй сваё цярпеньне
І будзь цьвёрдым ў барацьбе.
Тады цьвёрдасьцю адзеты
Гарда сьцяг свой данясеш
К таму месцу, да той мэты
Да каторай ты ідзеш.
Пецярбург, 1914
|