Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРОСЬБА

Не пакінь мяне, надзея,
Ў чорную часіну,
Што я ўгледзець ‘шчэ сумею
Вольную краіну;
Што ў народзе хопіць сілы,
Хопіць цьвёрдай мочы,
Перажыць цішу магілы
І цем дзікай ночы.
Згартаваны цяжкай доляй,
Мук ліхіх ды жалю,
Не загубіць вольнай волі
Ён тваіх скрыжаляў.


∗     ∗

Не растанься з душой, вера,
Ў час, калі трывога
Зьявішч чорных прэ няўмеру
З краю дарагога.
Пад цалунам цяжкіх хмараў,
Зьвісшых над зямлёю,
Дай мне бачыць муляў чары
Сонца прад зарою.
У прыгоне, у нязгодзе,
Ў іх балючай ране,
Малюй думкі аб свабодзе,
Аб яе спатканьні.