Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗВАНАР

Не прасьпі, званару! Толькі з неба гляне
Да зямлі маркотнай ясная зарніца,
Прагані хутчэй ты соннае драманьне
І усходзь пасьпешна ўгору, на званіцу;

Размахні рукою і званова сэрца
Скалыхні сярдзіта. Хай грымяць удары,
І хто сьпіць, хто дрэме — ўстане-скалыхнецца
І сьпяшыць на зовы. Не прасьпі, званару!

Ўсякі, хто пачуе, далей спаць ня будзе —
На твой бом прызыўны ня міне зьявіцца;
Толькі захавай ты у звановым гудзе
Моц сталёвай мовы, каб маглі разьбіцца

Аб яе да званьня рабскія устоі,
Каб ён гулкім бомам ўскалыхнуў абшары…
Няхай рынуць ў бойку цеснай грамадою
Тыя, над кім вісьлі цяжкай долі кары.
Не прасьпі, званару!

Вількамір, 1912