Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/315

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Хіба мне, бадай, не давядзецца
На вясну ды з сявялкай гуляць:
У грудзях штосць хрыпіць і, здаецца,
Хутка кіну людзям дакучаць…“

„Ці так будзе, як бае унучка,
Мне хацелася б ведаць і знаць.
А памерці цяпер так нязручна,
Хоць яшчэ мне пажыць гадкоў з пяць…“

Вось зірнуў ён убок на газніцу,
Мільганула і згасла яна.
А на небе красуе зарніца,
Адбіваецца ў шыбах акна.

А на небе малюнкі і фарбы
Замільгалі, каб зрок паланіць.
Як-бы нейдзе далёка пажар быў,
Як-бы нейдзе дымілі агні.

І чаго ты, чаго не пабачыш
У багатых у фарбах у тых:
Хмарак воблікі пераіначыш
У сямейкі істотай жывых.

Там на глебе агнёвых калёраў
Буйны мак крышталёвы цвіце;
Там, апрануты ў яркія зоры,
Волат лапці з праменняў пляце.

Кожны лапаць — вялікі, як хата, —
Пурпуровым світаннем мігціць.
А вакол гэтак пышна, багата
Срэбны, казачны замак стаіць.

Там у сажалках яркачырвоных
Качкі белыя ціха плывуць.
На бліскучых, прасторных загонах
Тры музыкі сівыя ідуць.