А цяпер стары пас толькі шкодзіць,
На цярплівасць людзей вядзе гарт;
Рапаруй яго — ён валаводзіць,
Цёнгля рвецца наўмысне, на жарт.
Хоць гадзіцца ён толькі на дзягі,
На падшыўку к атопкам старым, —
Гаспадар да яго мае цягу,
Налажыў на яго свой „хэрым“.
Стары пас толькі латай і латай,
На яго сваю скуру хоць здзень.
Няма грошай, бядуе араты,
Адлажы малацьбу на ўвесь дзень.
VI
Шчыра пот выцірае сямейка
І дахаты ідзе на спачын.
На гумнішчы жалобіць жалейка, —
Пастуха абавязак і чын.
Ускарабкаўся ён на каняку,
Нібы смоўж да апенькі прыліп;
Зняць хамут і забылі, — знявага, —
Клешчы старыя водзяць свой рып.
Голаў конь уніз хіліць, варушыць
Да халоднай пахучай расы,
Хамут з‘ехаў на самыя вушы
І кудлаціць і рве валасы…
Лейцы путаюць ногі у петлі,
Ў бруднай лужыне мокнуць аж — грэх;
Прысядае каняка басэтляй,
Як глядзіш на яго — бярэ смех.
Раптам сучка завыла пад бокам,
Нібы зараз каня з‘есць жыўцом;
А каняка не міргае вокам,
Рупна корміцца цвёрдым сіўцом.