Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БАКЛАНЫ

З-за горных сінявых абрысаў
Адзела зара кіпарысы
У гучна-ружовае ранне.
З цяснін, з цёмна-бурых заховаў
Пусціліся ў мора на ловы
Тры племені чорных бакланаў.

Ў аблокі завырылі ў вырай,
На мора закрылілі крыллі,
Звінелі заглушаным звонам.
Тры племені чорных бакланаў
На ловы пусціліся рана
З галодным абветраным стогнам.

На парусным фоне галеры
Вятрыцы лічылі ім пер‘і
І гойдалі ў сініх калысках.
Бакланы крыламі пісалі
На морскім празрыстым крышталі
Заморскія літары-рыскі.

Іх вострыя дзюбы клявалі
Барашкі заклёваных хваляў
У гучна-ружовае ранне.
Сачылі за тлустаю рыбай,
У змрочнай у зыбістай глыбі
Бакланы шукалі снядання.

Гагры, 30/III 1926 г.