Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IV

Прыдзі, віхор, ты прошаны госць,
Хай крывавяцца маланкі.
Прыдзі, віхор, (зямля, нібы косць),
Прыдзі з дажджом-гулянкай.

Хай сыпне дождж з нябесных крыніц.
Бор адкажа гучным крэхтам.
Хай кроплі цвітуць з сінявых імгліц,
Як залатыя арэхі!

V

А вось і воблачка — далонь.
Расце далонь над касагорам млосным.
Не воблачка, а сіні слонь.
І неба стала злосным.

Патухла сонца ў дзёгці хмар.
Затросся бор, ад сонца абамлелы.
І пасінеў увесь абшар,
Балота пасінела.

Плыві-ж у грудзі, халадок.
Цяпер так мілы мне, прыемны цені.
Штось раптам асляпіла зрок —
Маланкі замігцелі.

Штось раптам аглушыла слух:
Пярун ідзе па небе гулкім крокам,
Над борам безліч сініх мух —
То сыпнуў дождж з аблокаў.

VI

Праімчала бура на шасцёрцы,
Дзынкнуў дождж у гучныя бразгулкі.
Быў вясёлы вадапой.
Цвёрды карак памякчэў на горцы,
Заскакалі дробныя рачулкі,
Зазвінелі пад гарой.