Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ШЛЯХІ

У бары сава рагоча,
Ля ракі чарот шапоча,
Цені спяць у пушчы ўночы, —
Здань заве мяне:
Прыхадзі таемным шляхам,
Прыхадзі паўночным страхам,
Прыхадзі пад хвойны гмах мой
Прыхадзі ка мне!

„Я — тваё жыццё і доля,
„Я — тваё пад небам поле,
„Я — твая, бы думка, воля,
„Я — твой вечны лёс.
„Без мяне ты жыць не можаш,
„Без мяне ты заняможаш,
„Без мяне душу стрывожыш,
„Шмат пральеш ты слёз…“

Не ісці загіну тут я,
Не ісці — адны пакуты,
Не ісці навек закуты,
Не ісці… — пайду!
Вышаў я на шлях далёкі,
Вышаў я у бор высокі,
Ды куды глядзела вока —
Што-ж я там знайду?