Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЛАДОЙ ГВАРДЫІ

Агнёвыя віхоры вам песні гучна пелі,
У музыцы гарматаў вы казачна раслі.
Вас гадавалі грозна віхровыя капелы
На збуранай зямлі.

Вы ў рытмах вольных спеваў купаліся, бы дзеці,
Глыталі вокам чырвань мяцежніцкіх сцягоў.
І вырваліся гнеўна з вулканаў ліхалеццяў,
Бы мора з берагоў.

Вы рынулі з падвалаў мазольнага бяздолля,
Вы ў полымя бароцьбаў ішлі адной сям‘ёй,
З юнацкаю адвагай работалі ў падполлі,
І кожны з вас — герой!

Як вёскі ад бандытаў і плакалі і вылі,
Як стрэхі зашыпелі у жудасным агні, —
Вы мкнуліся грамадай у пушчы векавыя
Краіну бараніць.

Рука паганца-пана капала вам магілы,
У бітвах партызанскіх загінула вас шмат.
А смерць за волю бедных загартавала сілы,
Мацнелі вы ў сто крат.