Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ты слязамі і крыжамі
Адзначаў пакутны шлях.
Гнаўся голад, гнаўся холад,
За табою гнаўся страх.

І старыя, і малыя
Уцякалі хто куды,
А пажары на абшарах
Нарабілі шмат бяды.

Ад краіны да краіны
Разбрыліся ўцекачы.
Стогн нядолі ў пустым полі,
Стогн удзень і па начы.

І баракі для прымакаў
Будавалі ў гарадах.
І капалі дзе папала
Долы-ямы ў пустырах.

Маці лямант па-над ямай:
„Ой, і жыў ты, як не жыў…“
Эх, занадта, забагата
Тут раслі твае крыжы…