Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АД КРЫВІ ЧЫРВОНАЙ

Ад крыві чырвонай фарбаваўся Нёман.
Гаціліся гаці з трупаў па вадзе.
Дзікі свіст і бразгат. І выццё і гоман.
Бітва, як ніколі… бітва, як нідзе…

Людзі, коні разам гойдаліся ў сечы,
Малаціў галовы алавяны град…
Вочы непрытомны. Крык нечалавечы.
Смерць прымала строга жудасны парад.

Затуманіў неба шыза-дымны порах.
Жорлішчы гарматаў кархалі агнём.
Ціхія сялібы нішчыў „свой“ і „вораг“.
Працу, пот гаротных панясло віхром.

У зямлі глыбока рыліся шрапнелі,
Над зямлёй высока віўся самалёт,
Чорным шумным стадам труганы ляцелі, —
На крывавым полі ладзілі свой злёт.

Груганню спажыва вельмі ўжо багата.
Трунак хмельны льецца хмельнаю ракой.
Ой, крыві залішне. Ой, крыві занадта,
Ажна ахмялелі, патанулі ў ёй…

Вільня, 1914 г.