Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА ПРАДВЕСНІ

Аздобіў сакавік у златаблеск даліны.
Быў чысты, нібы шкло, абшар-прастор нябёс.
Сінь-даль адзела туль з сярэбранай тканіны,
Здалёку цёмны бор вяршалінамі трос.

Крахтаў лядок — па ім брылі ласі паціху,
Сляды іх ног ляглі па зімніку старым.
Над імі граў прамень агнёваю арліхай,
І жаўранкаў званкі бразгулілі з гары.

Тут брыў сабе гусляр — вясёлы ветрык гулкі —
І пальцам, як струну, ён пробаваў дубок.
А воддаль на лужку свяцілася рачулка,
Ляжаў на ёй акном бруштынавы лядок.

Ля зімніка карчы цямнелі, як мурыны,
Як нейкая гання няведамых звяроў.
Блішчэлі, як крышталь, пад лёдам азярыны,
Туманілася ціш над каркам пустыроў.

Сцяжарні тут і там на ўзгорках лугавінаў,
Як дзіды, тырк і тырк у ціхі карагод.
Па лёдзе, па зямлі пякліся журавіны,
Бы кропелькі крыві на чыстым люстры вод.