Над нябеснымі загонамі
Нехта буйна забуяніўся —
Барадаты, залаты.
А паводка гучна-звонная
Пеніць рэчкі бурна-грайныя,
Ліжа бурыя кусты.
Ззяе-грае сіва-сіняя,
Поле, пушчу вабіць вабамі,
Сыпле пэрлам жмут у жмут;
Пад аскобленай асінаю
Карагодзіць хмельнай бабаю,
Люстрам бразне ў кожны кут.
Вербы нізка нахіляюцца.
На галінах соскі кволыя
Сонца смаглае сасе.
Крыга кручай разбіваецца,
Льецца ў полі песня вольная
На вясновай паласе.
Красавік смяецца сонейку
Пад жаўронкамі — пад граннямі
Лёгкакрылых балаўніц.
|