Вось у ціхай задуме шагоў
Дзень канчае свой гулкі марш…
На клявішах вялізных дамоў
Замірае абрыўкамі мар.
Моўчкі вечар прыйшоў —
і зьвіс
На блакітных экранах шыб.
Як няскончаны нейкі ліст —
Недаказана штось у душы.
Разьвіталіся мы тады —
На мяжы блакіту і дня.
Пэўне, вуліцаў гэтых дым
На ўспамін застанецца нам…
Вось у ціхай задуме шагоў
Дзень канчае гулкі матыў —
Ізноў вечар зацішна прыйшоў,
З сініх вокнаў акордам сплыў.
|