Хутка кінь тугу і жальбы
І з любоўю у грудзёх
Ты выходзь на кліч таемны:
Жджэ вясна цябе ў палёх!
К нам вярнулась чараўніца;
Зноў зіхціцца небасхіл…
Хай-жа будзе сьвет аздобны
Твайму сэрцу знова міл!
Знова срэбнымі руччамі
Вясна сьветлая зьвініць
І снуе пры зорах ночы
Залацістых мараў ніць.
Чараўніца-цудадзейка
Сыпле кветкамі ў лясох;
Сьветазорным, златацьветным
Сонцам зьяе ў небясох.
У блакіце небасхілу
Звонкім жаўранкам пяе
І так многа шчасьця, ласкі
І чароўнасьці дае.
Сьвет цудоўны, сьвет чароўны
Адчыніўся нам цяпер…
Дык пакінь тугу і жальбы
І мацней любі і вер!
У ЖЫЦЕ.
Яснасьць сонца, лёгкі ветрык,
У паветры звон;
Пах ад жыта, пах ад красак, —
Дзіўна ўсё, як сон.