Перайсці да зместу

Старонка:Заранкі (1924).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Поле абудзілась…
Во зірнула сонца:
Золатам праменьні
Пахілісь бясконца.
З сонцам вышла ў поле
Жнейка маладая —
Паняслася гучна
Песьня удалая.
„Весела мне, лёгка,
Шчыра я сьпяваю;
Рукі мае дужы,
Шмат я сілы маю.
Толькі-б бачыў мілы
З сенажацяў-гоняў,
Як заскача хутка
Серп мой на загоне:
Толькі-б чуў мой мілы,
Як за працай ў полі
Голасна сьпяваю
Аб жаночай долі.
Што мне праца, сьпека!
Ўсюды мне удача:
Вечарам ізноў я
Мілага убачу.
Вунь той луг зялёны,
Дзе яго спаткала,
Песьняй галасістай
Дзе зачаравала.
Вунь той бор, дзе з мілым
Ягады зьбірала,
Дзе ў жыцьці уперша
Шчасьце я спазнала…“
Доўга ўжо працуе
Жнейка маладая.
І ліецца ў полі
Песьня удалая.

|}