Гэта старонка не была вычытаная
Дзеткі нацешылісь
Вамі ўжо ўволю,
Баб наляпіліся
З гурбаў даволі.
Хутка растопяць вас
Сонца праменьні;
Скрозь тут пачуецца
Ваша імкненьне;
Скора напоіце
Маці — зямліцу
Сьвежай, сьцюдзёнаю
Шумнай вадзіцай.
Хутка пальюцца ўжо
Звонкія песьні
Птушачак з выраю
Тут на прадвесьні.
Зьявяцца госьцейкі
К нам вяснавыя —
Згоняць маркотныя
Сны зімавыя.
Сонейка яснае
Будзе жывучым:
Нівы сагрэюцца
Блескам магучым.
З сошкай — крывулькаю
Ў поле араты
Скора ўжо выедзе —
Сілай багаты,
Ён падрыхтуе там
Глебу для збожжа,
Каб красаваліся
Нівы прыгожа,
Каб ускарміці ўсіх
Людцаў на сьвеце,
Каб галадуючых
Вёскай прыгрэці.