БУДАЎНІКОМ НОВАГА ЖЫЦЬЦЯ.
З кожнай хвіляй ўсё магутней
Ваш чырвонай працы дзень,
Гэты ясны, агнякветны
Ваш прамень.
Хоць ваш вораг яшчэ моцны,
Працы хоць вялік абшар, —
Пераможа ўсе прашкоды
Комунар.
Дык-жа будзьце вы стыхійна
Маладымі, як вясна;
Згінуць ворагі, як тая
Мара сна.
Шчасьце ўнукам вы купілі,
Наш вы зьнішчылі праклён.
Не забудзем мы ніколі
Гэтых дзён.
Творчай працай ў жыцьці краю
Вы зрабілі значны сьлед;
Дачакаліся мы ўбачыць
Новы сьвет.
У сваёй вялікай працы
Будзьце ўпарты вы, байцы:
Сьветлай будучыны й шчасьця
Вы — тварцы.
Помніце, што, ўсё былое
Бурай зьнішчана даўно;
Зьнікла ў памяці народнай
Ўжо яно.
Над палямі чырванеюць,
Сьцягі вольныя мігцяць:
Крокам цьвёрдым выступае
Наша раць.
|