Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Прыехаўшы ў Менск у канцы верасьня ці ў пачатку месяца, М. Б. пасяліўся ў кватэры Зьмітрака Бядулі на Ўборках па Мала-Георгіеўскай (цяпер вул. Таўстога) вул., д. № 12, кв. 4. Асобнага пакою ў кватэры ў яго ня было; ён жыў у адным пакоі разам з поэтам Бядулей. У гэтай кватэры ён гражыў бяз выезду да ад'езду ў Ялту. Пасьля прыезду ў Менск ён адразу быў прыняты на службу ў Губэрскі Прадавольственный Камітэт сакратаром Камітэту. На гэта месца яго раіў старшыні камітэту Р. Скірмунту А. Уласаў. Апрача службы, ён быў членам Беларускага Камітэту дапамогі хвярам вайны і разам з іншымі членамі гэтага камітэту організоўваў гурткі моладзі, якім стараўся надаць грамадзка-асьветны і нацыянальна-рэвалюцыйны характар; для гурткоў ён выпрацаваў програму; на сходах аднаго гуртка, якія адбываліся на Залатой Горцы, ён рабіў невялікія даклады і чытаў вершы. Жывучы ў Менску ён падтрымліваў сувязь з беларускімі культурнымі дзеячамі і пісьменьнікамі, якія жылі тады ў Менску: добра ведаў А. Уласава; быў знаёмы з В. Лявіцкаю, з якою яшчэ раней вёў перапіску; бываў у сям'і Сівіцкіх; сябраваў з паэтам Бядуляю, у якога жыў; блізка сышоўся з А. Смолічам, у якога некалькі разоў быў і чытаў свае новыя творы. За гэтыя месяцы М. Б. не прыпыняў свае літаратурнай працы. Ён працаваў урыўкамі на службе і вечарамі дома і ў Пушкінскай бібліотэцы, дзе праседжваў часамі да 2-х-3-х гадзін ночы. Ён працаваў над тэорыяй поэзіі, пісаў артыкулы і вершы. Пераважны ўхіл яго літаратурнай работы за гэты час―мастацка-фольклёрыстычны: артыкулы аб народнай поэзіі і вершы народна-поэтычнага складу; апрача таго, ён перакладаў з чужаземных моў. За гэты час былі, як відаць, напісаны ім такія вершы, як "Страцім-лебедзь", "У Максіма на кашулі", "Пагоня"; але магчыма, што чарнавікі гэтых вершаў ён прывёз з сабою з Яраслаўля. Апрача таго, у гэты час М. Б. разам з А. Смолічам і Л. Сівіцкаю, якая была сакратаром Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны, задумаў скласьці літаратурную хрэстаматыю для старэйшых груп пачатковай школы. М. Б. склаў для хрэстаматыі програму, выпаўненьне якой разьмеркавана было паміж удзельнікамі працы. Хрэстаматыя не склалася з прычыны выезду з Менску М. Б-ча і з прычыны немагчымасьці яе выдаць; але спэцыяльна для гэтай хрэстаматыі М. Б. напісаў нарыс „Городок" (т. І, разьдз. VІІ) і іншыя культурна-гістарычныя нарысы.

Між тым хвароба М. Б-ча разьвівалася. Ён кашляў цэлымі начамі. Зьмітраку Бядулі, разам з якім ён жыў, і яго сёстрам прыходзілася даглядаць хворага, што лажылася на іх вялікім цяжарам. М. Б. гэта бачыў, але супакойваў іх тым, што ў яго ня сухоты і што ён скора ачуняе. Сам ён мала клапаціўся аб сваім здароўі, ― таксама як і наогул аб сваім дабрабыце. Ня гледзячы на хваробу, ён і далей працаваў ня толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпэратуры 38-39°. У такім менавіта стане, паводле сьведчаньня А. Смоліча, быў ім напісаны ў час службы верш "Пагоня". Расказваючы аб гэтым за абедам А. Смолічу, поэта дадаў: "У гарачцы пішацца лёгка".

Аднак, хвароба поэта ўступіла ў такую фазу, пры якой працаваць далей было нельга. Яму далі водпуск і грашовую дапамогу для таго, каб ён ехаў у Крым. У лютым месяцы 1917 г. ён паведаміў бацьку, што зьбіраецца ў Крым на два месяцы. Бацька меў замер з ім зьехацца ў Сымфэропалі, куды ён якраз быў пераведзен па службе. М. Б. Выехаў з Менску ў канцы лютага, але у Сымфэропалі бацькі не знашоў, бо той, захоплены ў Яраслаўлі лютаўскаю рэвалюцыяй, сваечасова ня мог выехаць і прыбыў у Сімфэропаль, калі М. Б. ужо пераехаў у Ялту. У Ялце ён, пасьля доўгіх шуканьняў кватэры,