Гэта старонка не была вычытаная
Раздзел першы
Сям‘я Рабінзона. — Яго пабег з бацькоўскага дому.
Мой бацька хацеў, каб я зрабіўся багатым чыноўнікам, але я марыў аб морскіх вандраваннях. Мне здавалася велізарнейшым шчасцем бадзяцца па марах ды акіянах.
Бацька здагадаўся, што ў мяне на розуме.
Аднаго разу раніцой ён паклікаў мяне ў свой пакой і злосна сказаў:
— Я ведаю, што ты хочаш уцячы з роднага дому. Гэта вар‘яцтва. Ты павінен застацца. Калі ты паслухаеш мяне і застанешся дома, я буду табе добрым бацькам, але гора табе, калі ты ўцячэш.
Тут голас ў яго задрыжэў і ён ціха дадаў:
— Ды ты-ж у нас адзін... Падумай пра бедную маці... Яна не вынесе разлукі з табой.
Я бачыў як горкія слёзы струменілі па ягоным твары. Ён пяшчотна любіў мяне і хацеў мне дабра.