Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зрабіў такіх вялізных памераў, што вымушан быў пакінуць яе на месцы пабудовы, як помнік майго глупства, каб ён заўсёды нагадваў мне аб тым, што ў далейшым трэба быць разумнейшым. У наступны раз я быў больш практычным. Праўда, я і цяпер пабудаваў лодку бадай за поўмілі ад вады, бо бліжэй не знайшоў падыходзячага дрэва, але затое цяпер я дапасаваў яе велічыню і вагу да сваіх сіл. Бачачы, што мае намеры на гэты раз могуць быць выкананы, я цвёрда рашыў давесці іх да канца. Амаль два гады я праваждаўся з пабудовай лодкі, але я не шкадаваў аб гэтым: упэўненасць, што я ўрэшце буду мець магчымасць плаваць па моры, поўнасцю ўзнагароджвала мяне за маю працу.

Трэба аднак зазначыць, што мая новая пірога зусім не адпавядала першапачатковай маёй задачы, — той задачы, якую я ставіў, калі будаваў першую лодку. Яна была такой малой, што не было чаго і думаць пераплысці на ёй тыя сорак міль ці болей, якія аддзялялі мой востраў ад матэрыка. Такім чынам мне прышлося развітацца з гэтай марай. Але ў мяне з’явіўся новы план — аб’ехаць вакол вострава. Я пабываў ужо аднойчы на супроцьлеглым беразе, і адкрыцці, якія я зрабіў у тую экскурсію, так зацікавілі мяне, што мне яшчэ тады вельмі захацелася агледзець усё ўзбярэжжа вострава. І вось цяпер, калі ў мяне была лодка, я захацеў, што-б там ні было, аб’ехаць морам увесь востраў.

Прыступаючы да гэтага падарожжа, я дзейнічаў не абыяк, а з разлікам. Я зрабіў