печка. — Бачыце, васан, усім я вам насаліла: узяла ды наўмысьля выздаравела. Пукайцеся ўсе! Доўбняй мяне хіба прыб‘яцё!
— Ды жыві доўганька, гаспадыня, усім на радасьць і па божай волі, — казаў поп.
— Ведаю я гэта „ўсім на радасьць“, — зноў як-бы голас з печы пачуўся, — гаспадар мой, соль яму ў вочы, ня рад — рыхтаваўся да маладой удованькі сватацца пасьля маёй сьмерці. Нявестка ня рада думала сама гаспадарыць у хаце, бо я ёй ужо вочы намазоліла. Суседзі таксама да хаўтураў маіх зубы астрылі. А я на злосьць усім выздара…
Але тут голас яе спыніўся на поўслове, бо ў печы пачаў смаліцца блін.
Гаспадар павёў папа праз сенцы ў сьвятліцу. Ад сьвежага жаўтаватага зрубу аддавала смалой. У сьвятліцы было чыста. На ложках, засланых каляровымі дыванамі, ляжалі груды падушак. Пад трамай віселі кажухі, сьвіткі, жаночыя вопраткі і дзьве пары новых ботаў. Каля глінянай ляжанкі стаяў новы куфар, маляваны „пад ясень“. Ля сьцяны стаяў белы сасновы стол, агароджаны з усіх чатырох бакоў лавамі. У куце вісеў адзін маленькі абразок „сьвятога“ Мікалая, а над сталом красаваўся вялікі „павук“ з хварбаванай саломы.
Поп зьняў паліто і капялюх і сеў на лаву. Гаспадар, прыбіраючы з акон гэблі, далоты і іншыя інструманты, апавядаў папу, як ён цэлы год быў заняты будоўляй трысьценя і новага хлева. Ен усё кіраваў на тое, што яму некалі было езьдзіць у цэркаў.